Памёр пісьменнік Канстанцін Севярынец

Каманда Мікалая Статкевіча партыі “Народная Грамада” выказвае шчырыя спачуванні сям’і палітычнага вязня, сустаршыні БХД Паўла Севярынца з нагоды смерці яго бацькі Канстанціна Паўлавіча Севярынца.

Мы заклікаем сусветную суполку, дыяспары беларусаў, дыпламатаў неабыякавых да сітуацыі ў Беларусі паспрыяць таму, каб Павал Севярынец меў магчымасць разам з сям’ёй развітацца з бацькам, шчырым патрыётам сваёй Бацькаўшчыны.

#народнаяграмада

Сёння, 1 кастрычніка 2021 года, памёр беларускі журналіст і паэт Канстанцін Севярынец, аўтар паэтычных кніжак для дзяцей, бацька Паўла Севярынца.

Пра смерць Канстанціна Севярынца ад каронавіруса паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Ганна Севярынец. «Наш татка памёр сёння ў рэанімацыі», — напісала яна.

Канстанцін Севярынец нарадзіўся 4 верасня 1952 года ў вёсцы Унорыца, што на Гомельшчыне. Вучыўся на рускім аддзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, спецыяльнасць — «Настаўнік рускай мовы і літаратуры».

З 1979 года — у журналістыцы. Працаваў карэспандэнтам БЕЛТА-ТАСС па Віцебскай вобласці, у рэспубліканскіх газетах «Советская Белоруссия», «Семь дней», райгазеце «Ленінскі прызыў», шматтыражцы «Красный Октябрь», віцебскай абласной газеце «Народнае слова», часопісе «Служба спасения 01», на Беларускім радыё. Пісаў вершы для дзяцей.

Са сваімі творамі друкаваўся ў часопісах «Нёман», «Беларусь», «FloriДа», альманаху «Па камянях як па зорах», штогодніку «Далягляды», кнізе-даследаванні «З глыбінь жыватворных».

У 2008 годзе стаў лаўрэатам прэміі «Лепшыя радкі “Фларыды”» рускамоўнага часопіса «FloriДа» (Маямі, ЗША) за шэраг паэтычных публікацый.

Пераможца міжнароднага конкурса «Радыё Свабода» на найлепшы пераклад тэксту песні «Fairytale», з якой Аляксандр Рыбак перамог на «Еўрабачанні-2009». Суаўтар першай беларускай азбукі для iPod «Буквар: Родная азбука».

Перакладаў з сербскай і харвацкай моў.

novychas.by

About The Author