Статкевіч: Ціханоўскага я папярэджваў, а апазіцыя зноў не гатовая. Стратэгія ёсць толькі ў нас

Кіраўнік «Народнай Грамады» Мікалай Статкевіч падзяліўся сваім бачаннем прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць 9 жніўня.
 
«Мы дапускалі такую магчымасць, што выбары пройдуць раней за запланаваны час. Была імавернасць нават таго, што выбары пройдуць у ліпені. Час абраны не выпадкова. Партыйная апазіцыя, як заўсёды, аказалася не гатовая. Ім жа пяці гадоў мала! Сітуацыя з пандэміяй увесь час пагаршаецца, таму і трэба было прыспешваць так званыя «выбары».
 
Таксама мы бачым нейтралізацыю новых асоб, блогераў. Я папярэджваў Сяргея Ціханоўскага, што павінна быць даверанасць на нейкую асобу, каб ад яго імя маглі падаць дакументы на рэгістрацыю. Я не ведаю, ці паслухаў мяне Сяргей.
 
У маладых часта ёсць вялізнае жаданне барацьбы. У вольнай барацьбе ці грэка-рымскай перад тым, як стаць у двубой, моладзь трэніруецца на пудзіле. Вось і ў многіх маладых адчуванне, што яны ідуць супраць пудзіла. А ўлада ж рыхтуе свае контрмеры, робіць аналітыку. Гэта і ёсць змаганне.
 
Мы [БНК] — адзіныя падрыхтаваныя да кампаніі, хай і не ў поўным аб’ёме. Але ў нас ёсць стратэгія, яна прынятая, будуць уносіцца нейкія карэктывы, але яна працуе.
 
Улада падлавіла і нас крыху. 12-14 мая ў «Народнай Грамады» быў запланаваны з’езд анлайн. Але нічога страшнага, правядзём у больш сціснуты тэрмін. Адзінае, што мяне засмучае — працягваюцца рэпрэсіі супраць нашых сяброў у рэгіёнах.
 
Мы не ідзём удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, мы выкарыстоўваем гэты цырк у сваіх мэтах. Легальная магчымасць правядзення пікетаў. На парламенцкіх выбарах мы паказалі, як гэта дзейнічала, калі некалькі дзясяткаў пікетаў было па ўсёй краіне.
 
Першапачаткова планавалася, што кандыдатамі пратэсту стане каля 30 чалавек, столькі, можа, і не атрымаецца, але не менш за 20 чалавек павінна быць. У маёй ініцыятыўнай групе будзе 2600-3000 чалавек, я разумею, што дыктатар не пойдзе на маю рэгістрацыю праз незнятую судзімасць. Але мы ідзём у кампанію, каб патрабаваць сумленных выбараў без Лукашэнкі, але са Статкевічам. Яшчэ ёсць час далучыцца да маёй кампаніі».

 


About The Author