За „кармленне галубоў” у Пінску будуць судзіць

Пінская міліцыя чарговы раз аскандалілася. Сярод пінчан, якія сабраліся на гарадской набярэжнай 3 траўня адпачыць і пакарміць качак і галубоў, для беспадстаўнага затрымання спатрэбіўся інвалід-сардэчнік Анатоль Чэшуін. Па словах затрыманага, міліцыянты ў форме і людзі ў цывільным не прадставіліся, адзін з іх заявіў, што ён доктар і нёс нешта пра самаізаляцыю і каранцін.

Дакументы ніхто не паказаў, пастанову аб самаізаляцыі і каранціне таксама, а цэлым гуртом наваліліся на мяне, скруцілі і павалаклі ў аўтамабіль,  – кажа Анатоль Чэшуін:

– Мяне аднаго скруцілі, гвалтоўна. Прычым я ім гаварыў, што я інвалід, не чапайце мяне. Мяне калоціць. Я ніколі не думаў, што ў нас у Беларусі могуць падыйсці і гвалтоўна скруціць, не прадставіўшыся, не прад’явіць мне ніякіх парушэнняў. Я ў іх пытаўся: што я парушыў? Хтосьці сказаў, што калі вы з намі не пройдзеце, мы да вас будзе ўжываць фізічную сілу.

Паводле інваліда, да гэтага ён з міліцыяй не сутыкаўся, праблем з законам ніколі не меў. У апорным пункце, куды яго даставілі, не пазнаёмілі з правамі, не дазвалялі патэлефанаваць родным. Але мужчыну ўдалося пазваніць сыну і жонцы і сказаць, дзе ён і што яму дрэнна. Родныя вызвалі хуткую, медыкі аказалі дапамогу і забралі Чэшуіна.

Судзіць яго нібыта за непадпарадкаванне міліцыі будуць 8 траўня а 10-й гадзіне.

***

У Пінску 8-га траўня адбудзецца суд над удзельнікам “кармлення галубоў” – акцыі салідарнасці з эка-актывістамі Берасця. Пінчука Анатоля Чэшуіна затрымалі ў нядзелю, 3-га траўня, на пінскай набярэжнай. Падставай для затрымання стала праверка, ці няма сярод удзельнікаў тых грамадзян, якія парушаюць рэжым самаізаляцыі.

Сведка падзеі, блогер Мікалай Клімовіч кажа, што прычынаў для затрымання не было, бо ў краіне не ўведзены каранцін ці нейкія іншыя ізаляцыйныя захады:

– Калі рэжым самаізаляцыі, то неабходна школы закрываць, дзіцячыя садкі. У Пінску нядаўна адбыўся фубльны матч, і ніхто не правяраў рэжым самаізаляцыі, адбыўся і той жа рэспубліканскі суботнік, таксама ніхто нічога не правяраў. Міліцыя, канечне, у іх гэта была падстава, каб людзей разагнаць. Побач нас былі іншыя групы грамадзян, якія скажам, што таксама не выконвалі рэжым самаізаляцыі, але іх ніхто не чапаў. Менавіта трэба было разагнаць тых людзей, якія “кармілі галубоў”.

Нагадаем, што ў нядзелю, 3-га траўня, на набярэжнай Пінска ў другі раз адбылася акцыя падтрымкі берасцейскіх актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. У пінскай акцыі ўдзел узяло каля 20 чалавек. Наступны раз пінчукі плануюць сабрацца 10-га траўня.

Беларускае Радыё Рацыя

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА