Не, шаноўны (ці ня надта) Абдэль Фатах Ас-Сісі нічога наконт байкоту беларускіх выбараў не казаў, нават падчас нядаўняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Але некаторыя егіпецкія электаральныя практыкі зьяўляюцца, на мой погляд, важкім аргумэнтам у беларускіх спрэчках пра ўдзел і байкот.
Які цэнтральны аргумэнт прыхільнікаў байкоту? Яўка – аснова легітымнасьці аўтарытарнага ўладара, галоўнае апірышча яго ўлады і ў вачах грамадзтва, і ў вачах ўладнай эліты, і ў яго ўласных вачах. Зразумела, афіцыйную яўку Ярмошына намалюе за 80%. Але людзі – сацыяльныя жывёлы, яны адчуваюць паводзіны іншых людзей. Я не пайшоў на выбары, Мікола не пайшоў, Маша не пайшла, дык значыць вельмі мала хто пайшоў. Рэжым губляе легітымнасьць, прызнаньне грамадзтвам права на ўладу і, так бы мовіць, абрынаецца пад цяжарам сваіх злачынстваў.
Здаецца, нічога не паблытаў у «бездакорнай» лёгіцы прыхільнікаў байкоту.
А цяпер пра тое, прычым тут наш добры сябра Абдэль Фатах. У 2013 годзе ён прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту, у 2014 годзе быў абраны прэзыдэнтам з трыюмфальнымі 97% «за», на наступных выбарах, у 2018 годзе, перамога ня менш элегантная – тыя ж 97% «за».
Летась гэты цудоўны кіраўнік правёў рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі, які даў магчымасьць яму заставацца ва ўладзе да 2030 году, а не да 2022 году, як мусіла быць паводле Канстытуцыі да зьменаў. За зьмены – 89%. Ну ня так бліскуча, як на выбарах, але таксама ўражвае.
Ці дыктатар Ас-Сісі, ці добра ён ведае сваё дыктатарскае рамяство? Адказ відавочны. У параўнаньні з лічбамі галасоў «за» на выбарах на фоне Ас-Сісі нават Лукашэнка на сваіх выбарах дэманстраваў у гэтым пытаньні проста, так бы мовіць, ленінскую сьціпласьць: у 2010-м – «вартыя жалю» 77%, у 2015-м – 83%. Праўда, на канстытуцыйным рэфэрэндуме 2004 году, аналягічным егіпецкаму 2019 году, вынік атрымаўся прыкладна такі ж, як там – 88%. Тут Лукашэнка ў спаборніцтве лічбаў не саступіў, не падкачаў.
Словам, дыктатары-блізьняты. Так?
А цяпер – дадзеныя яўкі на егіпецкіх электаральных «сьвятах дэмакратыі»: 2014-ы – 48%, 2018-ы -40%, 2019-ы – 44%.
Упс. Прычым асабліва пікантна, што гэта не апазыцыя такую яўку падлічыла, не егіпецкі народ «сацыяльнай скурай» адчуў, што яўка – вось такая, гэта афіцыйна абвяшчаў тамтэйшы Центарвыбаркам, егіпецкая Ярмошына, па нашаму.
Дык як так? А як жа яўка – апірышча і крытэр легітымнасьці? Чаму ж егіпцяне, даведаўшыся, што да выбарчых скрыняў прышло менш, чым запаветныя 50%, не паднялі Ас-Сісі на вілы, чаму рэжым, страціўшы легітымнасьць, не рассыпаўся ў прах?
Ну вось неяк не паднялі, неяк не рассыпаўся. Можа і не мусіў, можа яўка – зусім і не апірышча і не крытэр аўтарытарнай легітымнасьці.
Нехта можа патлумачыць такія «недапрацоўкі» егіпецкай дыктатуры яе большай, у параўнаньні з лукашэнкавай, мяккасьцю. Але гэтай гіпотэзе супярэчаць некаторыя іншыя характарыстыкі рэжыму Ас-Сісі.
Яшчэ пару лічбаў: у 2014 годзе ў Егіпце былі асуджаныя да сьмерці 529 чальцоў апазыцыйнай Ас-Сісі арганізацыі «Браты-мусульмане», у 2015 годзе — 183 чальцы арганізацыі, у 2018 годзе — 75 чальцоў «Братоў-мусульманаў». Мяркую, гэтых лічбаў дастаткова, каб адхіліць гіпотэзу аб тым, што Ас-Сісі больш лібэральны, чым Лукашэнка.
Дык а што ж там тады зь яўкай, чаму не надзьмуваюць, як у Беларусі? А таму што па сутнасьці ня трэба.
А чаму ў Беларусі ўсё ж надзьмуваюць, чаму заганяюць на выбары студэнтаў і бюджэтнікаў? Насамрэч – па інэрцыі, па савецкай завядзёнцы.
У СССР – ідэакратычнай тыраніі – для партыйных органаў была важна, каб на выбары ішлі ўсе, як адзін. Родная камуністычная партыя кепскага б не прыдумала – разважае сучасная беларуская ўлада. Таварышчы Сталін і Брэжнеў далі запавет – ня нам мяняць.
Між тым егіпецкі досьвед электаральных мерапрыемстваў паказвае, моц аўтарытарнай сыстэмы забясьпечваецца зусім ня яўкай і слаба зь ёй зьвязаная. Ідэакратыям высокая яўка трэба, банальным пэрсаналісцкім дыктатурам – ня надта.
Імкненьне аўтарытарнай сыстэмы да высокай яўкі на выбарах – гэта, кажучы ў тэрмінах Арыстотэля, акцыдэнцыя, а не субстанцыя аўтарытарызму, выпадковы чыньнік, у выпадку Беларусі – звычка, успадкаваная ад савецкай сыстэмы, а не сутнасная, базавая, экзыстэнцыйная характарыстыка аўтарытарызму як такога.
І гэты егіпецкі аргумэнт робіць гіпатэтычны посьпех і плён байкоту выбараў у Беларусі яшчэ больш сумнеўным.