Мікалай Статкевіч: Актуальнае пытанне

Газета “Народная воля” надрукавала маё інтэрвью журналістцы Марыне Коктыш. Публікую самае актуальнае зараз пытанне інтэрвью і мой поўны, адрозна ад газетнай версіі, адказ на яго:

— Дарэчы, пра перамены. Сёння многія гадаюць, якім будзе новы праект Канстытуцыі. На вашую думку, што рабіць, калі спраўдзяцца прагнозы наконт падаўжэння тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў? Бо калі Канстытуцыя будзе ўведзена прэзідэнцкім указам, то новы прэзідэнцкі тэрмін пачне адлічваецца з нуля…

— Лукашэнка мяняе Канстытуцыю як раз таму, што баіцца выбараў. У яго няма ілюзіяў наконт уласнай папулярнасці. Ён адчувае народную нянавісць да сябе.

Магчыма, ён хацеў бы паўтарыць варыянт 2015 года, калі на прэзідэнцкіх выбарах былі адны кандыдаты-блазны, якія гулялі па ягоным правілам у ягоным спектаклі.
Але мы разам з паплечнікамі болей не дазволім яму згуляць такі спектакль.

Я прапаную гэтай уладзе вярнуць краіну да дэмакратыі, вярнуць сумленныя выбары. І гатовы дамаўляцца пра ўсялякія гарантыі, бо лёс краіны важней за помсту.
Мы заклікаем уладу не будзіць ліха і перайсці да дыялогу з грамадствам з мэтай вяртання сумленных выбараў.

Макей можна гаварыць Захаду, што змены у Канстытуцыю неабходны для дэмакратызацыі. Сам Лукашэнка можа тлумачыць Пуціну, што Канстытуцыю мяняюць дзеля далейшай інтэграцыі. Некаторыя інтэлігенты могуць супакойваць сябе, што змены робяцца дзеля захавання незалежнасці і суверэнітэту. А палітыкі – дзеля галасавання па партыйным спісам.

Насамрэч усё гэта можа быць разам і адначасова нічога не значыць. Бо ўсё роўна Канстытуцыя не выконваецца, а галоўнае для гэтай персоны – абнуліць ды яшчэ павялічыць да 7 гадоў тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.

Для яго галоўнае не суверэнітэт краіны, а яго ўласны суверэнітэт над нашым народам, магчымасць неабмежаванай улады хоць над аўтаноміяй, але да канца жыцця. Зараз два гэтыя суверэнітэты ўвайшлі ў супярэчнасць, бо захаванне суверэнітэту краіны патрабуе свабоды і адмовы правіцеля ад уласнага суверэнітэта над народам. І для мяне відавочна, які суверэнітэт ён абірае.

Але яго канстытуцыйная “рэформа” вельмі моцна ўзбударажыць людзей. І нават калі мяне ў чарговы раз арыштуюць, каб не пусціць на плошчу, то людзі збяруцца і самі. Гэта можа быць нават горш для ўлады, бо тады сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю. А я, паўтараю, усё ж такі прыхільнік мірных пераменаў.