Статкевіч: Беларусь можа стаць эканамічнай калоніяй Расіі, а там і прыбраць Лукашэнку будзе справай тэхнікі

Расійская газета «Камерсант» даведалася планы інтэграцыі Беларусі і Расіі. Паводле інфармацыі іх журналістаў, Расія дабіваецца эканамічнага паглынання нашай краіны, а ў 2022 годзе можа быць утвораная канфедэратыўная дзяржава. Як у гэтай сітуацыі мусіць дзейнічаць незалежнае грамадства? Пра гэта «Наша Ніва» спытала ў былога палітвязня, экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Мікалая Статкевіча.

«Пагроза для большасці людзей невідавочная, бо фармальныя атрыбуты незалежнасці застаюцца, а там нейкія банкі, кодэксы… Людзі могуць падумаць, што ў нас заробкі будуць, як у Расіі, нехта падумае, што крымінальны кодэкс стане больш мяккім.

А на справе мы атрымаем эканамічнае паглынанне Беларусі. І гэта прапанова зацверджаная на ўзроўні ўрадаў. Па сутнасці, Лукашэнка прадае Беларусь за магчымасць заставацца пры ўладзе.

Адзінае, што там няясна — гэта ўласна той пункт, з чаго ўсё і пачалося. Гэта цэны на расійскі вуглявадарод і доступ да расійскіх рынкаў для нашых прадуктаў. Доступ, ясная справа, будзе забяспечаны, а вось з цэнамі — складанае пытанне. Але з доступам на рынкі ёсць і іншы бок — гэта доступ расійскай прадукцыі на беларускі рынак. Ужо сёння беларускія цукровыя прамыслоўцы ў цяжкой сітуацыі, бо расійскі цукар дайшоў да беларускіх паліц, і ён значна таннейшы.

І гэта будзе працягвацца ў іншых сферах. Хай і ў звыродлівай форме, але капіталізм у Расіі развіты нашмат больш, чым у нас. І гэта адбіваецца на якасці прадукцыі. Хай расійская прадукцыя не можа канкураваць за межамі Еўразійскага саюза, але тут яна зможа пакласці беларускую прамысловасць на лапаткі.

Сітуацыя вельмі небяспечная. Паўтаруся, што яна небяспечная ў сваёй няяўнасці. Лукашэнку патрэбныя грошы на ўтрыманне сваіх 200 тысяч праваахоўнікаў, на дзяржаўныя заводы.

А за гэта мы заплацім тым, што станем эканамічнай калоніяй Расіі. Калі так здарыцца, потым для Расіі будзе справай тэхнікі адхіліць яго ад улады. І першы абраны ў такой сітуацыі парламент, нават калі там будуць лічыць галасы, прагаласуе за ліквідацыю і фармальных атрыбутаў незалежнасці.

Мая прапанова да ўсіх патрыятычных сілаў. «Народная грамада» вылучыла 38 кандыдатаў на парламенцкія выбары, зарэгістраваныя 36. Я праводжу сустрэчы з выбарцамі ў фармаце пікетаў па буйных гарадах краіны. Гэта легальная магчымасць прыйсці і публічна выказаць сваю нязгоду.

6 кастрычніка а 14-й я буду праводзіць сустрэчу ў фармаце пікета на плошчы Свабоды ў Мінску. Прапаную скарыстаць гэтую сітуацыю і выказаць сваю нязгоду. Больш ніводная арганізацыя не скарыстоўвае гэты самы вольны этап у палітычным жыцці. Гэта адзіны месяц, калі ў любым месцы горада можна ставіць легальныя пікеты ў абарону незалежнасці.

Мы ў Народнай Грамадзе адчуваем, што нам даюць скарыстаць гэтую кампанію і не толькі таму, што мы дзейнічаем цалкам у адпаведнасці з заканадаўствам, але і таму, што кімсьці трэба палохаць Пуціна», — кажа Статкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.