СТРАТЭГІЯ НАРОДНАЙ ГРАМАДЫ на прэзідэнтскую “выбарчую” кампанію (1-ы этап)

 МЭТЫ СТРАТЭГІІ: Існаванне правячага рэжыму ўсё больш пагражае незалежнасці Беларусі. Таму наша асноўная мэта – вызваленне краіны дзеля яе ўратавання.
Папярэдняя ёй мэта – дэлегітымізацыя незаконна выконваючага абавязкі прэзідэнта і арганізаваных ім “выбараў” у вачах беларускага народа і міжнароднай супольнасці.
 
ПРАГНОЗ УМОЎ РЭАЛІЗАЦЫІ СТРАТЭГІІ: Рэжым будзе імкнуцца правесці “выбары” па сцэнару 2015 года. Вось ён.
Рэальных апанентаў дыктатара не рэгіструюць у якасці кандыдатаў. Улада праз свае каналы ўплыву стварае ў апазіцыйнай рэжыму большасці грамадства абсурдную надзею на галасаванне за “супернікаў” Лукашэнкі. Затым камісіі па фальсіфікацыі “выбараў” агалошваюць лічбы чарговай “элегантнай перамогі”, а фейкавыя апаненты дыктатара прызнаюць сваю паразу і “зліваюць” Плошчу.
 
МЕХАНІЗМЫ ДАСЯГНЕННЯ МЭТАЎ СТРАТЭГІІ: Пры поўнай адсутнасці надзеі на рэальны падлік выбарчых бюлетэняў, адзіны дзейсны механізм змены сітуацыі – масавыя, мірныя і працяглыя акцыі пратэсту. Неабходна максімальна выкарыстоўваць для іх легальныя “выбарчыя” формы. Каб быць працяглымі па часе, акцыі павінны пачацца адначасова са стартам “выбарчай” кампаніі.
 
ПАСЛЯДОЎНАСЦЬ РЭАЛІЗАЦЫІ 1-ГА ЭТАПУ СТРАТЭГІІ:
1. Правесці ў бліжэйшы час ва ўсіх рэгіёнах краіны папярэдні адбор і падрыхтоўку “кандыдатаў пратэсту” з ліку актывістаў, якія валодаюць неабходным лідэрскім патэнцыялам.
2. Звярнуцца да сябраў ініцыятыўнай групы па вылучэнню кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча з просьбай увайсці таксама ў ініцыятыўныя групы “кандыдатаў пратэсту”.
3. Пасля аб’яўлення “выбараў
” калектыўна падаць на рэгістрацыю ў ЦВК ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча.
4. Антыканстытуцыйную адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы самага небяспечнага і папулярнага суперніка дыктатара лічыць канчатковым доказам намеру рэжыма правесці “выбары” без выбара.
5. Арганізаваць пратэстныя акцыі ва ўсіх буйных гарадах краіны з патрабаваннямі спыніць здачу незалежнасці, правесці сапраўдныя выбары без удзелу Лукашэнкі і з удзелам М. Статкевіча.
6. Для легалізацыі пратэстных акцый, іх лепшай і надзейнай арганізацыі зарэгістраваць ініцыятыўныя групы па вылучэнню кандыдатамі ў прэзідэнты “кандыдатаў пратэсту”.
7. Акцыі пратэста арганізоўваць ў юрыдычнай форме пікетаў па збору подпісаў за вылучэнне гэтых кандыдатаў.
 

Рэалізацыя 2-га этапу стратэгіі пачнецца пасля завяршэння вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты.