ВЫЗВАЛІ НЕВІНОЎНЫХ. ІНАКШ МЫ САМІ ПРЫЙДЗЕМ ДА ЦЯБЕ

“Прэцэдэнт” любіць праводзіць рэпрэсіі ў жніўні. Беларусы раз’язжаюцца па вёскам, лецішчам, марскім узбярэжжам ці сезонным заробкам. Заходнія палітыкі адпачываюць на вакацыях. Можна хуценька засудзіць-пасадзіць. А потым восенню грамадства і карысныя ідыёты на Захадзе апынуцца перад адбыўшымся фактам.

Вось і зараз – судзяць прафсаюз РЭП. Арыштоўваюць абаронцаў Курапатаў. Пахапалі журналістак ужо самых памяркоўных выданняў – хочуць прымусіць іх да правільнага, з пункта гледжання “прэцэдэнта”, асвятлення падзей. І да “супрацоўніцтва”, безумоўна.

Беларускі Нацыянальны Кангрэс не збіраецца моўчкі назіраць за гэтай “сезоннай” расправай над грамадзянскай супольнасцю, над журналістамі, над “Хартыяй” і “Белсатам”. Мы патрабуем ад уладаў неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных і спынення пераследу незалежнай прэсы.

Калі наша патрабаванне не будзе выканана, то на наступным тыдні мы прыйдзем з ім да таго, з чыйго загаду адбываюцца пераследы невіноўных.

М. Статкевіч