Мікалай Статкевіч для Радыё Рацыя: Заклікаю да абмеркавання нашай праграмы

Палітык Мікалай Статкевіч распавёў пра сённяшнія партыйныя клопаты і будучыя планы.

Мікалай Статкевіч: Гэтымі днямі на сайце hramada.org Народная Грамада вынесла на грамадскае абмеркаванне праект сваёй праграмы. Мы бачым, куды ідзе краіна, а ідзе яна да кардынальных пераўтварэнняў – змены ўлады. Каб пазбегнуць канфліктаў, якія могуць пры гэтым быць развязаны знешнімі сіламі, мы хацелі б большай кансалідацыі ў грамадстве.

Мы прапануем праграму Беларусі, якую пабудуем. Яна – пачатак кампраміса, мэта праграмы – аб’яднанне.

Хочацца, каб напярэдадні пераменаў большасць людзей дамовілася паміж сабой аб тым, якую краіну мы будзем будаваць. І гэтае бачанне краіны, каб было прымальным для большасці. Каб не было ніякіх спекуляцый, тузанняў і нагодаў для ўмяшання. Вось гэта – наша бліжэйшая задача.

Мяркую, публічная дыскусія працягнецца некалькі месяцаў. З улікам меркавання народа і будзе прыняты канчатковы варыянт.

РР: Ці збіраецеся нейкім чынам прымаць удзел у прэзідэнцкай кампаніі?

Мікалай Статкевіч: Напрыканцы года збярэмся і абмяркуем гэтае пытанне. Але ў той ці іншай ступені, безумоўна, паўдзельнічаем. Мы прымаем удзел у любой палітычнай кампаніі рэжыма, каб паспрабаваць гэта скарыстаць на карысць мірнага пераходу ўлады да народу. Гэта дэвіз агульнай кампаніі Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК), у якім Народная Грамада самым актыўным чынам удзельнічае. Таму будзем распрацоўваць сваю стратэгію і прапануем яе калегам з БНК.

РР: А сваю кандыдатуру не збіраецеся вылучаць на выбарах?

Мікалай Статкевіч: З-за судзімасцей як быццам я не маю права ўдзельнічаць нават у гэтых фэйкавых выбарах, але Канстытуцыя мне гэта дазваляе. Таму не ведаю, якое будзе прынята рашэнне. З гэтым вызначымся пазней. Пакуль вядзем аналіз сітуацыі і распрацоўваем будучы сцэнар. Акрамя таго, глядзім, у тым ліку, і на іншыя арганізацыі, якія збіраюцца таксама вылучаць кандыдатаў. На жаль, мы бачым, што паўсюль адзін і той жа план. Традыцыйная імітацыя ўдзелу ў імітацыі выбараў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.