У Мінску прайшло паседжанне Камітэта Сацыялістычнага Інтэрнацыянала па краінам СНД, Закаўказзя і Прычарнамор’я. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дэлегацыі левацэнтрысцкіх партый з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Венгрыі, Казахстана, Кіргізстана, Расіі, Украіны, а таксама кіраўніцтва цэнтральнага офіса СІ у Лондане.
 
З уступнымі дакладамі выступілі генеральны сакратар Сацыялістычнага Інтэрнацыянала Луіс Аяла (Чылі) і сустаршыня Камітэта, кіраўнік Народнай Грамады Мікалай Статкевіч.
 
На працягу двух дзён прадстаўнікі левацэнтрыстсцкіх партый абмяркоўвалі сітуацыю ў сваіх краінах і рэгіёне. Запрошаны на паседжанне лідэр прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў пра рэпрэсіі супраць незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі.
 
Генеральны сакратар СІ Луіс Аяла, падводзячы вынікі працы Камітэта, адзначыў надзвычай высокі аўтарытэт Мікалая Статкевіча ў сусветным сацыял-дэмакратычным руху і заявіў пра падтрымку барацьбы за свабоду і дэмакратыю Беларусі.
 
Беларускае пытанне будзе ўключана ў парадак дня Савета СІ – вышэйшага органа аб’яднання, у які ўваходзяць прадстаўнікі 135 партый сацыял-дэмакратычнай скіраванасці са ўсяго свету.
 
Луіс Аяла заявіў, што СІ скарыстае ўсе свае міжнародныя магчымасці, каб наступныя беларускія выбары прайшлі больш сумленна. Наступны год Сацыялістычны Інтэрнацыянал аб’явіць годам Беларусі.
 

Матэрыялы з паседжання будуць публікавацца.

Прэс-служба Народнай Грамады