Вольга Нікалайчык: Трэба выйсці і сказаць “сыходзь!”

Пра перадвыбарчую сітуацыю ў Беларусі, гатовасць апазіцыі да выбарчай кампаніі, у размове з Генадзем Барбарычам (Радыё Рацыя) разважае грамадская актывістка і рэжысёрка Вольга Нікалайчык:

– Я спадзяюся, што Губарэвіч не пойдзе на тое, каб згуляць з Лукашэнкам у нейкую непрыстойную гульню, стаць спойлерам, спарынг-партнёрам, легалізаваць выбары. 

РР: Але і вы ўдзельнічаеце ў гэтай гульні? Вас, а таксама 30-ць іншых актывістаў у якасці патэнцыйных кандыдатаў плануе вылучыць „Народная грамада” Мікалая Статкевіча?

– Я не гуляю ў выбары, у нас кандыдаты пратэстаў. Нам важна, каб нехта быў зарэгістраваны ад нашых партнёраў, паплечнікаў, аднадумцаў, каб мы яшчэ пасля рэгістрацыі, калі за кагосьці будуць сабраныя подпісы і ўдасца зарэгістраваць, маглі месяц весці агітацыю. Нам важна, каб не было пратаколаў, бо ў мяне 7000 рублёў нявыплачаных штрафаў і ў мяне хутка вопіс маёмасці. 

РР: Навошта так шмат людзей?

– Чым больш сетка, тым больш шанцаў, што ў нейкі момант „ч”, калі людзі адчуюць, што трэба выйсці на вуліцу і сказаць „сыходзь”. Трэба, каб 100 тысяч па ўсёй краіне стала на скрыжаваннях пад сцягамі, уяўляеце як прыгожа? 100 тысяч становяцца па ўсёй Беларусі, а пасля ў Менску, вось тады ў нас будзе шанец. 

РР: Была нагода напрыканцы мінулага года, калі Расея ціснула, але ж не выйшлі.

– Я была ў Вільні, бо да мяне ўвесь час ламіліся мянты. Прыйшлі позвы, што я павінна з’явіцца ў пракуратуру і міліцыю. Увесь час ламілася начальства Цэнтральнага РАУСу ў хату. То бок я б паехала на суткі адразу. У мяне было пяць судоў у той час на чарзе, вось я і атрымала шмат – гэта яшчэ за лістапад. Чаму не выйшла шмат народу, таму што так наша апазіцыя спрацавала. З Вільні гэта выглядала так, што нібыта тысяча выйшла, а астатнія за інтэграцыю. Я ведаю, што ў нас супраць Лукашэнкі больш 80% людзей, з 80% недзе 30% будуць за інтэграцыю, за Пуціна. 70%, калі 80% браць за 100%, будзе за незалежнасць. Проста я лічу, што апазіцыя так спрацавала, трэба з людзьмі працаваць. Тое, што мы, як кандыдаты ў дэпутаты, адстаялі ў лістападзе, парвалі, спалілі пасведчанні і паказалі нелегітымнасць выбараў, вось гэтыя людзі і выйшлі. Гэтыя людзі, якіх мы тады паднялі, яны і выйшлі таму, што мы тры месяцы працавалі ў пікетах: распаўсюджвалі буклеты, збіралі актыў. Тысячу чалавек мы вывелі, але гэта вельмі мала. Людзі запалоханыя канешне, людзі перасталі верыць у афіцыйную апазіцыю. Трэба мяняць твар афіцыйнай апазіцыі, яна мусіць быць сапраўднай, салідарнай, смелай, не баяцца адседак, вопісу маёмасці і вялікіх тэрмінаў.