Вячка Касінер: #free_polienko

Ну, сьвяты прайшлі, троху рэпрэсій таксама беларусы хапанулі, як заўсёды, а мы павяртаем вас у суворую беларускую рэчаіснасьць, да палітзэкаў і турэмных жахаў.

(!)На дадзены момант Зьміцер Паліенка трымае галадоўку ў ІЧУ з 24 сакавіка.(!)

Патрабаваньні Зьмітра да адміністрацыі наступныя:

1) медычная дапамога, бо ў Паліенкі зноў абвастрыўся дзерматыт. Доктар прыходзіў да Зьмітра толькі раз, медычная дапамога палітвязьню не аказваецца.(!)

2) атрымаць асадку (якую ў яго адабралі), каб мець магчымасьць пісаць лісты да сяброў і таварышаў. А таксама скаргі.

З) З моманту арышту Зьмітру шмат хто пісаў, але дайшоў адзін толькі ліст. Ён патрабуе свабоду перапіскі з усімі, хто яму піша і каму зьбіраецца пісаць сам Паліенка.

Як сябры і таварышы Зьмітра Паліенкі мы заяўляем, што падобнае абыходжаньне з’яўляецца фактычна катаваньнем чалавека, а таксама лічым усю чарговую крымінальную справу ў дачыненьні да анархіста палітычна матываванай.

Усё гэта з вялікай верагоднасьцю вынік правакацыі сілавікоў, мэтай якой была помста і ізаляцыя актывіста ў межах “непалітычнага” артыкулу. Падобныя правакацыі і шытыя белымі ніткамі справы мелі месца ў мінулым і ад гэтага не абаронены ніхто з змагароў супраць дыктатуры. А значыць, мы павінны абараніць Зьмітра, інакш наступны – кожны з нас.

Мы падпісваемся пад кожным патрабаваньнем Зьмітра Паліенкі, заклікаем да распаўсюду гэтай інфармацыі і дапамозе па вашых магчымасцях, праз актывізм, байкот злачыннай улады ці салідарнасьць праз фінансавую дапамогу тым, хто падтрымлівае анархіста ў зняволеньні перадачкамі і іньшым.

Таксама мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Зьмітра і поўнага ягонага апраўданьня, бо ўсе акалічнасьці справы кажуць пра яе палітычнасьць і абсурднасць!

#free_polienko