Петыцыя: Застрахаваць жыцьці супрацоўнікаў сістэмы аховы здароўя

Эпідэмія каранавірусу COVID-19 працягваецца. На першай лініі змаганьня за жыцьці людзей знаходзяць медыкі: лекары, медычныя сёстры, санітары, іншыя супрацоўнікі сістэмы аховы здароўя, якія непасрэдна кантактуюць з хворымі. Усе яны рызыкуюць сваімі жыцьцямі.

У Беларусі адсутнічае сістэма страхаваньня жыцьця тых, хто вырашае праблемы грамадзтва (пасьмяротныя выплаты сем’ям не зьяўляюцца паўнавартаснай страхоўкай, а іх памер сьмешны ў параўнаньні з рызыкамі).

Супрацоўнікі сістэмы аховы здароўя (далей — медыкі) рызыкуюць заразіцца патэнцыйна сьмяротнай хваробай: для іх гэта хутчэй не пытаньне “ці я захварэю?”, а “калі я захварэю?” Гэта — іх прафесійная рызыка, якая сёньня жыцьцёва неабходная беларускаму грамадзтву.

Высокая рызыка захворваньня зьвязаная, сярод іншага, з дэфіцытам сродкаў асабістай абароны ад інфекцыі. З гэтай жа праблемай сутыкаюцца ўсе без выключэньня краіны сьвету, уключаючы самыя заможныя і разьвітыя. У такой сітуацыі Беларусі, як ня надта багатай краіне, застаецца разьлічваць толькі на ўласныя рэсурсы. Наладжваньне вытворчасьці сродкаў індывідуальнай абароны займае час. А час — гэта жыцьці, у першую чаргу, тых, хто найбольш рызыкуе, — то бок медыкаў.

Выпадкаў, калі лекары захварэлі і памёрлі пры выкананьні сваіх прамых прафесійных абавязкаў, на жаль, робіцца ўсё больш па ўсім сьвеце. Тым ня меньш, медыкі не адмаўляюцца ад сваёй працы, а мужна дапамагаюць хворым.

Самае неабходнае, што можа зрабіць беларускае грамадзтва і дзяржава для беларускіх медыкаў у існуючых умовах, — гэта даць ім упэўненасьць, што калі, крый Божа, зь імі нешта здарыцца, іх сем’і не застануцца без сродкаў для існаваньня. У кожнага лекара ёсьць родныя і блізкія: сужанцы, дзеці, бацькі. У тым выпадку, калі здарыцца непапраўнае, трэба даць ім дзе жыць, за што харчавацца, а дзецям — магчымасьць атрымаць адукацыю.

Ва ўсім сьвеце дзейнічае ўніверсальная формула разьліку неабходнай сумы страхавога пакрыцьця жыцьця чалавека: выплата іпатэкі (або набыцьцё жытла) + сума заробку за 10 год + грошы на адукацыю дзяцей.

Беручы пад увагу гэтую формулу, мінімальна неабходная сума страхавога пакрыцьця жыцьця беларускага медыка, складае $150,000.

Заклікаем Міністэрства аховы здароўя і Ўрад неадкладна выдзеліць сродкі і заключыць дагавор калектыўнага страхаваньня на ўсіх супрацоўнікаў аховы здароўя, якія задзейнічаныя ў барацьбе з эпідэміяй каранавірусу, на суму $150,000 на кожнага з перыядам дзеяньня страхавога полісу, як мінімум, 1 год! Калі ж нехта зь медыкаў памёр да таго, як заключаная такая дамова, выплаты іх сем’ям мусяць быць зьдзейсьненыя зь дзяржаўнага бюджэту.

Вы можаце паставіць свой подпіс па спасылцы