Удзельнік маршу “дармаедаў” у 2017 годзе: Калі што – выйду зноў!..

Роўна два гады таму, 26 лютага 2017 года, у Віцебску прайшла самая масавая за апошнія гады акцыя пратэсту. На плошчы Перамогі сабралася больш за 2000 чалавек, якія прайшлі потым калёнай па цэнтральнай вуліцы гораду да плошчы Леніна. Там адбыўся мітынг. Карэспандэнт ВВ паразмаўляў з удзельнікам той акцыі.

Нагадаем, масавая акцыя пратэсту была накіраваная супраць так званага “дармаедзкага” дэкрэту №3. Ён абавязваў грамадзян, якія афіцыйна не працуюць, плаціць дармаедзкі падатак (тады – 360 рублёў).

Сяргей Іваноў (прозьвішча і імя зьмененыя) у 2017 годзе  меў працу на дзяржаўным прадпрыемстве, таму “ліст шчасьця” да яго не прыйшоў. Тым ня менш, ён выйшаў на цэнтральную плошчу гораду, каб выказаць нязгоду і абурэньне.

– Сяргей, навошта ты прыйшоў туды, калі ня быў “дармаедам”?

– Проста я зразумеў, што ўлада канчаткова страціла сумленьне і спрабуе лапіць дзіркі ў бюджэце і выпраўляць уласныя памылкі за кошт простых людзей. Насамрэч, проста лопнула цярпеньне. Яно было занадта доўгім…

– Ці лічыш тыя акцыі ўдалымі?

– Так, з пункту гледжаньня таго, што ўлады ўбачылі: народ здольны выйсьці на вуліцу і запатрабаваць павагі да сябе і свайго меркаваньня. Было прыемна бачыць, што ёсьць людзі, гатовыя выйсьці, людзі, якія не пабаяліся рэпрэсіяў з боку ўладаў. Гэта пры тым, што дзеяньні ўладаў маглі быць цалкам непрадказальнымі.

– Калі гэта так, дык чаму тады “маршы” спыніліся?

– Мяркую, стыхійны выхад на вуліцу звычайных людзей, хай нават і шчыра зацікаўленых у такіх пратэстах, наўрад ці можа трываць доўга. Каб такі пратэст быў працяглым, мусіла існаваць нейкае ядро актывістаў, якое, праяўляючы стойкасьць, паказала б, што ня трэба зьмяншаць актыўнасьць, а наадварот – трэба ўзмацняць.

– Вясна набліжаецца. Як думаеш, ці ў 2019-м пратэст паўторыцца?

– Любыя акцыі, скіраваныя на адстойваньне інтарэсаў большасьці грамадзян, маюць сэнс, бо ў грамадзян няма іншай магчымасьці выказаць сваю пазыцыю. І ўлады ўвесь час даюць падставы для абурэньня. Узяць хоць бы гісторыю з Берасьцейскім заводам акумулятараў Сёлета “дармаедзкі” дэкрэт набыў новае аблічча “няўдзельнікаў у эканоміцы”, грамадзянам прапануецца аплачваць камунальныя паслугі па падвышаным тарыфе. У сакавіку прыйдуць “пацяжэлыя” жыроўкі, і цалкам магчыма, што выбухнуць новыя стыхійныя пратэсты.

– Ці зноў возьмеш удзел у маршы “дармаедаў”?..

– Натуральна. Успрымаю гэта як абавязак любога сумленнага грамадзяніна.

Размаўляў Уладзімер Бяляўскі

Арыгінальны тэкст на сайце “Віцебская вясна”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.